ХАРАКТАРЫСТЫ́ЧНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
алгебраічнае ўраўненне спец. віду. Х.ў. матрыцы атрымліваюць з дэтэрмінанта дадзенай квадратнай матрыцы A заменай яго дыяганальных элементаў aii на рознасці λ − aii і прыраўноўваннем да нуля выніковага алг. выразу. Ступень Х.ў. роўная парадку матрыцы A, яго карані λ; наз. характарыстычнымі лікамі (уласнымі значэннямі) матрыцы A. Х.ў. дыферэнцыяльнага ўраўнення атрымліваюць з дадзенага лінейнага дыферэнцыяльнага ўраўнення з пастаяннымі каэфіцыентамі заменай шуканай функцыі і яе вытворных адпаведнымі ступенямі λ. Для сістэмы лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў Х.ў. запісваецца з дапамогай дэтэрмінанта і супадае з Х.у. матрыцы, складзенай з каэфіцыентаў дадзенай сістэмы ўраўненняў. Х.ў. выкарыстоўваюцца ў астраноміі (задачы аб т.зв. векавых узбурэннях руху планет — векавое ўраўненне), а таксама пры рашэнні некаторых задач матэматыкі, механікі, фізікі, тэхнікі і інш.
т. 16, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)